Нашы продкі верылі, што Масленіца нясе ажыўленне прыродзе. У гонар сонца яны пяклі круглыя і румяныя бліны, якія павінны былі з’яднаць яго часцінку цяпла і магутнасці.
Чаго-чаго, а бліноў на свяце ў райцэнтры было хоць адбаўляй. Са смятанаю, ікрою, грыбамі, варэннем, капустаю… смакавалі ўсе. Ды руплівыя гаспадынькі не проста частавалі землякоў, а за добрую прыпеўку і далучэнне да народных традыцый. Воранаўцы і іх госці завязвалі рознакаляровыя стужкі на дрэве і загадвалі жаданні, пускалі адзін аднаму кола, каб як найхутчэй адышла марозная зіма. І па традыцыі дружна спалілі яе пудзіла.
Другі год на Масленіцу ў Воранава прыязджае Ганна Хадыка з Бастун. У гэты раз жанчына завітала сюды з мужам Аляксандрам і дзецьмі, не толькі са сваімі, але і суседскімі.
— Раніцай самі напяклі бліноў, падсілкаваўшыся, адправіліся на свята. Такія мерапрыемствы аб’ядноўваюць людзей, дзеці пазнаюць звычаі сваіх бабуляў і прабабуляў. Прыемна, што пра гэта настаўнікі гавораць у школе, вучаць шанаваць свой род, зберагаць традыцыі. Дый сумесны адпачынак на карысць — ён мацуе сям’ю.
Ілона Панчанка, ураджэнка Данецкай вобласці, а зараз жыхарка Воранава, на Масленіцу патрапіла ўпершыню. Здымала відэа, фатаграфавалася з культработнікамі.
— Мы прыехалі ў Беларусь і закахаліся ў яе, — шчыра сказала жанчына. — Тут чыста, прыгожа, беларусы, як ніхто, захоўваюць чалавечыя і сямейныя каштоўнасці. На свяце мне вельмі падабаецца, паколькі захоўваюцца нацыянальныя каштоўнасці, людзі апрануты ў касцюмы продкаў. Падкупліваюць чалавечая дабрыня, ветлівасць і гасціннасць беларусаў.
Напрыканцы мерапрыемства падвялі вынікі конкурсу на лепшую фігуру са снегу. Надвор’е зрабіла сваё: у былой прыгажосці яны не дабылі да свята, але некаторы час плошчу ўпрыгожвалі магутны трактар, мудрая сава, крэатыўны калабок, Ямеля на печцы і інш. Па рашэнні журы ў ліку пераможцаў аказаліся вучні Воранаўскай школы і навучэнцы каледжа. Іх намаганні і супрацоўнікаў раённых бібліятэкі, цэнтра культуры і народнай творчасці былі ўзнагароджаны дыпломамі, салодкімі падарункамі ад раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” і раённага аддзялення Беларускі дзіцячы фонд.
Масленіца ў Воранаве была гучнай, але, на жаль, слізкай і нешматлюднай. Хацелася б, каб як мага больш землякоў далучалася да свят, што транслююць наш нацыянальны код і культуру.
Марына КАНДРАТОВІЧ.
Фота Алега БЕЛЬСКАГА.