Галоўная / Навiны / Навiны раёна
29.07.2024

Жывіце ў міры і ў згодзе, Курчоўцы! Такія добрыя пажаданні гучалі сёння на свяце вёскі

Вёсачка... З ёю назаўжды звязаны лёс многіх з нас. У кагосьці тут прайшло звонкае бесклапотнае дзяцінства, кагосьці з розных шляхоў кліча агеньчык бацькоўскай хаты. Цёплыя ўспаміны як раз і з’яўляюцца прыцягальнай сілай для былых жыхароў Курчоўцаў. На свята дарагой сэрцу вёсачкі яны прыехалі сем’ямі з розных куткоў Беларусі, каб прызнацца ў любові малой радзіме. І шчыра дзякавалі за такую магчымасць арганізатару свята — загадчыцы мясцовага сельскага клуба Веры Іванаўне Васько, якая 60 гадоў жыве ў Курчоўцах і стала яе сапраўднаю душою.

Свята вёскі сабрала землякоў ля мясцовага клуба. Імправізаваную сцэну ўпрыгожылі саматканыя дываны. Гэта вынік старанняў руплівых рук Валянціны Лявонаўны Дудко, у шафе якой больш за пяцьдзясят (!) вырабаў.

Працалюбівыя, здольныя, дасціпныя, прыгожыя душою жыхары курчоўцай і былі ўвесь святочны суботні вечар у цэнтры ўвагі. У беларусаў водзіцца звычай лепшых людзей прывячаць на чырвоным вугле. Вось і дарагіх вяскоўцаў ушаноўвалі на спецыяльна адведзеным пачэсным месцы.

З Курчоўцамі цесна звязаў лёс кіраўніка сельгаспрадпрыемства “Місявічы” Андрэя Бурноса. Тут жыве яго сям’я, гадаваліся дзеткі. Ад душы Андрэй Анрэевіч пажадаў землякам дабрабыту ў хатах, паболей дзіцячага смеху ў вёсачцы, каб яна не згасала, і мірнай шчаслівай будучыні.


Ганарацца землякі здольнымі механізатармі Антонам Валяр’янавічам Федасевічам і Андрэем Вітольдавічам Васько, руплівымі жывёлаводамі Уладзіславай Антонаўнай і Вацлавам Браніслававічам Санько. Дзякуючы намаганням суджанцаў ферма “Ядэлеўцы” ў мінулым годзе была прызнана лепшай у вобласці.

Калі спытаеш, у каго ў вёсцы лепшы дворык? Адкажуць, што ў Ірыны Антонаўны Пальчукевіч. Усё патанае ў кветках, а вакол — чысціня, ніводнай парушынкі не знойдзеш!

Шчасце — у дзецях. Упэўнены жыхары Курчоўцаў. І знайшлі добрыя словы для прыёмнай сям’і Уладзіслава Рамуальдавіча і Ніёлі Генрыхаўны Паўловіч. Яны выгадавалі сваіх траіх сыноў. Восем прыёмных дзяцей знайшлі свій дарослы шлях, але зноў і зноў вяртаюцца да бацькоў. Зараз Паўловічы атулілі цяплом яшчэ чатырох дзетак.

Не абышлі бокам самага малодшага жыхара — толькі годзік мае Дзмітрый Валюкевіч. І, канешне ж, узгадалі старэйшую гаспадыню Курчоўцаў. Гелене Баляславаўне Мацкевіч споўнілася 89 гадоў. Жанчына — тэлевізійная зорка. Яна ўдзельнічала ў телеперадачы “Жывая культура”, дзе падзялілася сакрэтамі ткацтва дываноў і ручнікоў.

— Мае землякі заўжды былі добрымі, шчырамі, прыемнымі людзьмі. У сем’ях раней было аж па 12 дзяцей, — успамінае жанчына. — Шкада, няма тут былога шматгалосся. А святы я люблю. У касцёл абавязкова езджу і клуб не абмінаю. Тым больш, што ён знаходзіцца ад мяне па-суседску. Моладзі жадаю здароўя, не забываць сваіх каранёў, не цурацца Бога. І тады ўсё будзе добра.

Усё свята ў цэнтры ўвагі была Вера Іванаўна Васько. Загадчык сектара культуры райвыканкама Георгій Гагарын, загадчык сектара ідэалагічнай работы і па справах моладзі Лілія Сідаровіч, настаяцель забалацкага прыхода, ксёндз Генрык Яблонскі, даўнія сябры — аматарскае аб’яднанне і клуб “Насупраць лёсу” ТЦСАН, шматлікія госці, былыя і сённяшнія ўдзельнікі самадзейнасці выказалі практычна адну думку: дзякуючы гэтай энергічнай, любячай сваю справу жанчыне клуб ужо 55 гадоў прымае і дарослых, і моладзь, і дзяцей. Георгій Міхайлавіч падкрэсліў, што Курчоўскі клуб — апошні сельскі клуб у раёне, які жыве дзякуючы намаганням, руплівасці і творчым памкненням сваёй гаспадыні.


— Не магла не прыехаць на свята, бо мяне асабіста запрасіла Вера Іванаўна, — падзялілася мінчанка, былая ўдзельніца калектыву “Курчоўскія напевы” Іна Батура (у дзявоцтве Лышчык). — Калі была школьніцай, шмат гастралявалі — нас чакалі то “Вячоркі” ў Мінску, то выспупленні ў Воранаве, Гродна. Вельмі трапятліва ўспамінаю тыя моманты.

Я родам з Праважы — да Курчоўцаў рукою падаць. Таму і яны сталі маёй малой радзімай. І сёння тут у мяне практычна адбываецца сустрэча са шчаслівым, напоўненым песняй дзяцінствам.


Чаго-чаго, а песні на фэсце было хоць адбаўляй. Беларуская, руская, трапяткая, лірычная, забіяцкая… Яна кранала душу, віхурыла ў танцы і прызнавалася ў любові да вёсачкі-чараўніцы. Спявалі народны ансамбль “Зараніца”, бліскучыя артысты Воранаўшчыны, аднавяскоўцы. Музычны падарунак таленавітай бабулі Веры Васько падрыхтавала ўнучка Ксенія. А вось пра матэрыяльныя падарункі паклапацілася кіраўніцтва КСУП “Місявічы”.

Музыка льецца, людзі весяляцца. Свае ж, родныя. Як тут разысціся хутка?! Пагаварыць трэба з тымі, каго не бачылі шмат гадоў, пра жыццё-быццё распытацца, дый добра адпачыць, каб затым новы дзень сустракаць з добрай усмешкай на вуснах.

Марына КАНДРАТОВІЧ.
Фота Алега БЕЛЬСКАГА.

Болей фота: https://www.voran.by/news/novosti-voronovshchiny/zhyvitse-miry-i-zgodze-kurcho-tsy-takiya-dobryya-pazhadanni-guchali-syennya-na-svyatse-vyeski.html