Дзяржаўныя сцягі, паветраныя шары, стужкі з яблыневым цветам на адзенні, усмешкі на тварах дарослых і дзяцей… Вялізная колькасць варанаўчан выйшла на вуліцы райцэнтра, каб разам адзначыць галоўнае нацыянальнае свята — Дзень Рэспублікі.
Музычныя кампазіцыі пра любімую і непаўторную краіну, здавалася, запоўнілі ўвесь пасёлак. Ад таго на душы станавілася яшчэ радасней і святлей.
Уперадзе галоўнай святочнай калоны — воіны-пагранічнікі. Яны з пашанай неслі Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь немалога памеру — 6х12 метраў. Следам крочылі прадстаўнікі мясцовай улады, моладзь, школьнікі, працоўныя калектывы, грамадскасць. Яны ад шчырага сэрца віталі землякоў, якія чакалі іх на сваіх пунктах.
З сямі вуліц Воранава да галоўнай калоны па чарзе далучаліся святкуючыя. У рэшце рэшт яны зліліся, сталі адной беларускай сям’ёй, аб’яднанай любоўю да маці-Радзіны. Разам рушылі да галоўнай сцэны, што размясцілася на гарадскім стадыёне, дзе і распачалося галоўнае дзейства свята.
Больш фота: https://www.voran.by/news/novosti-voronovshchiny/nam-est-chem-gorditsya/svyatochnae-shestse-dzen-nezalezhnastsi-prayshlo-voranave.html