Галоўная / Навiны / Навiны раёна
22.02.2024

Настаўніца Радунскай школы Алена Чарнавус прыняла ўдзел у мерапрыемстве «Мелодыка маёй душы» ў Купалаўскім тэатры

У Міжнародны дзень роднай мовы ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Я. Купалы прайшло мерапрыемства «Мелодыка маёй душы», арганізаванае Беларускім саюзам жанчын. Са сталічнай сцэны гучалі вершы класікаў беларускай літаратуры ў выкананні людзей розных узростаў і прафесій.

— Атмасфера Купалаўскага — гэта ўжо сапраўдная мелодыка беларускай мовы! — падзялілася ўражаннямі яго ўдзельніца — настаўніца беларускай мовы і літаратуры Радунскай сярэдняй школы Алена Чарнавус. — Свята беларускага слова распачалося паланэзам Агінскага ў выкананні акадэмічнага аркестра Купалаўскага тэатра. Гучанне вершаў, музычныя кампазіцыі на беларускай мове, харэаграфічныя пастаноўкі артыстаў Вялікага тэатра — усё спрыяла ўзнёсламу святочнаму настрою.

На сцэну падымаліся не толькі артысты тэатра, настаўнікі і дзеці. Беларускія вершы і байкі чыталі намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Луцкі, старшыня прўлення ЗАТ «Другі нацыянальны тэлеканал» Марат Маркаў, старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандр Карлюкевіч і многія іншыя. Наша зямлячка пранікнёна дэкламавала верш Ул. Караткевіча «На Беларусі Бог жыве...»


— Люблю Караткевіча-празаіка, захапляюся ім як паэтам. А ў гэтым вершы ён напісаў пра мову, патрыятызм, традыцыі. Кожны народ, створаны Богам, варты ўвагі і пашаны. На думку аўтара, у аднолькавай ступені ўсе народы служаць адзінаму Богу, у якога няма лепшых — усе роўныя. Адзіны Бог дараваў народам жыццё і кожнаму ўдыхнуў душу і даў як святыню мову, — патлумачыла яна выбар твора.

Вольга ВАРАБ'ЁВА.