Майстар народных і мастацкіх рамёстваў Воранаўскага аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Іван Юрчыс, мастак-самародак з Жырмун, аўтар больш за тысячу карцін прадставіў на агляд гледачоў адзін з цыклаў рукапісных карцін, якія дэманструюць каляндарныя беларускія народныя традыцыі, звычаі і абрады. Сустрэчу арганізавалі ў аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры.
— Колькі сябе памятаю, столькі і малюю, — дзеліцца ў гутарцы сціплы і ўсмешлівы Іван Юльянавіч. — Адкуль гэтае жаданне пераносіць на палатно прыгажосць навакольнай прыроды, дэталі, сюжэты, нават і не ведаю. Але ў адным дакладна ўпэўнены: я і жывапіс — гэта адзінае цэлае. Як і любога творчага чалавека, мяне падтрымлівалі родныя, іх словы ўсялялі веру ў тое, што гэта не проста «малюначкі». Узяўшы ў рукі алейныя фарбы, непрыкметна пагружаюся ў працэс стварэння чарговай карціны з галавой.
Майстар дзеліцца, што ніколі не планаваў стаць мастаком-прафесіяналам. Пасля заканчэння школы, калі прыйшоў час вызначацца з будучай прафесіяй, Іван падаўся навучацца рыбнай справе ў вучылішчы ў Малой Бераставіцы. Пасля — служба ў войску, праца ў адной з вайсковых частак у Лідзе, рабочым у цэнтры культуры і народнай творчасці на малой радзіме. І вось восьмы месяц Іван працуе ў аддзеле рамёстваў у Воранаве. Цяпер ён адчувае сябе сапраўдным мастаком: любімай справай займаецца цэлымі днямі.
— Талент, якім ад прыроды валодае Іван Юльянавіч, называюць наіўным або інсітным мастацтвам — гэта самадзейная творчасць людзей, якія не валодаюць значным агульнакультурным багажом і пэўнай тэхнікай, — расказала загадчыца Воранаўскага аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Наталля Бобіна. — У Беларусі яно мае глыбокія народныя карані і адлюстоўвае гістарычнае, а часцей і паўсядзённае жыццё народа. На пытанне, навошта яны пішуць свае карціны, выразаюць з дрэва або лепяць скульптуры, людзі-самавучкі адкажуць: «Душа просіць». Гэта мастацтва недасканалае, затое сапраўднае і сумленнае, як творчасць дзяцей.
Вельмі рада, што такі таленавіты і творчы чалавек цяпер з'яўляецца часткай нашага калектыву.
За напісанне карцін у тэматыцы народных традыцый і абрадаў Іван прыступіў у пачатку года. Бачу, што яму гэта цікава, таму працэс не спыняецца. Працуючы над адной з карцін, ён ужо разважае над сюжэтам наступнай. На палатне Іван Юльянавіч адлюстраваў шэсць беларускіх абрадаў і святаў: “Тры Каралі”, “Гуканне вясны”, “Вялікдзень”, “Купалле”, “Дажынкі”, “Юр’е” — па два на кожны з каляндарных цыклаў.
Апошняя з іх яшчэ не завершана, і аўтар з задавальненнем прапанаваў гледачам стаць удзельнікамі працэсу яе напісання. Сакрэт другіх карцін аўтар не раскрыў, але абяцаў, што іх будзе значна больш — вельмі ж даспадобы аказалася абраная тэматыка.
Мастак дзеліцца, што родныя матывы таксама знайшлі месца ў цыкле. Так, асновай стварэння абраду “Дажынкі” стаў фотаздымак, які мастак знайшоў на прасторах інтэрнэту. Чорна-белае фота адлюстравала жырмунскую святыню на фоне поля з сабраным у снапы збожжам. Аўтар умела дадаў руплівых гаспадынь — і палатно адразу ж ажыло, стала сваім, пазнавальным.
Кацярына ГАЙЖЭЎСКАЯ.
Фота аўтара.
Болей фота: https://www.voran.by/news/novosti-voronovshchiny/mastak-samarodak-ivan-yurchys-z-ag-zhyrmuny.html