Галоўная / Навiны / Навiны раёна
19.02.2024

Масленіцу прывячалі ды вясну гукалі. На гарадской плошчы ў Воранаве адсвяткавалі Масленіцу

З даўніх часоў на памежжы зімы і вясны беларусы адзначаюць Масленіцу. Нашы продкі святкавалі вызваленне зямлі з палону і гэтую традцыю передалі нам. Захавалі яе і на Воранаўшчыне. Сёння на раённым свяце землякоў і гасцей шчыра віталі і частавалі блінамі, якія сімвалізуюць сонейка, што сагравае і абуджае зямліцу-маці ад зімовага сну.

Надвор’е не ўсміхнулася землякам. Яшчэ з раніцы задажджылася. Хоць гэта дарослых і затрымала ў хатах, ды дзятве не стала памехай для гучнай забавы.


— Вельмі рады, што мне выпала такая цудоўная магчымасць — святкаваць разам з вамі адно з любімых народных свят, — прывітаў воранаўцаў госць пасёлка — член Беларускай партыі “Белая Русь” Віталій Ракавец. — Ведаю, што воранаўская зямля багатая на гісторыка-культурную спадчыну. З асаблівай пашанай тут ставяцца да традыцыяў продкаў. Святкаванне Масленіцы — яскравы гэтаму прыклад. Няхай і надалей у вас будзе цеснаю повязь з роднай зямлёй, сваімі каранямі. Гадуйце дзетак на беларускай культуры, прывівайце ім любоў да Бацькаўшчыны. Будзьце шчаслівымі, духоўна багатымі і неабыякавымі людзьмі.


Па даўняй завядзёнцы, ніводзін госць не пакіне гасцінную воранаўскую зямлю без пачастункаў. А бліноў гаспадынькі нагатавалі багата! Ды не спяшаліся яны дзяліцца рэцэптамі — у кожнай, лічаць, павінен быць свой кулінарны сакрэт. Пачэснае месца сярод страў заняла наша брэндавая — нацкія дзеруны. Віталій Мікалаевіч быў уражаны адкрытасцю і гасціннасцю нашых людзей, тым, што настолькі моцна яны любяць свой край, захоўваюць яго традыцыі. Ад Беларускай партыі “Белая Русь”, грамадскага аб’яднання “Белая Русь” уручыў падарункі самым здольным жанчынам.

Тым часам на плошчы ліліся песні, гандлявалі сваімі вырабамі майстры. Дзятва актыўнічала ў гульнях, каталася на поні. І час ад часу ласавалася, канешне ж, блінамі.
Кульмінацыяй свята стала спальванне пудзіла. Яно гарэла, а разам з ім, быццам, сыходзіла ў нябыт зімовая халадэча, а сэрца імкнулася насустрач вясне. Хутчэй бы “заспявалі” на полі трактары і зямліца прыняла новае зерне. 

Марына КАНДРАТОВІЧ.
Фота Алега БЕЛЬСКАГА.

Больш фота: https://www.voran.by/news/novosti-voronovshchiny/maslenitsu-pryvyachali-dy-vyasnu-gukali-na-garadskoy-ploshchy-voranave-adsvyatkavali-maslenitsu.html