27.11.2023
На Воранаўшчыне прайшоў першы абласны літаратурна-краязнаўчы форум "Воранаўскія чытанні"
Мерапрыемства стала яшчэ адной прыступкай супрацоўніцтва паміж Воранаўскім райвыканкамам і Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Я. Купалы.
Увесь дзень на Воранаўшчыне гучала родная мова. Гасцям у раённым цэнтры культуры і народнай творчасці былі прадстаўлены лепшыя здабыткі нашай малой радзімы. Яны пазнаёміліся з турыстычным патэнцыялам краю, цікавымі напрацоўкамі раённай бібліятэкі, з працамі нашых самабытных майстроў і мастака, “пабывалі” ў тэатры моды пагародзенскіх школьнікаў.
— Несумненна, “Воранаўскія чытанні” — гэта чарговы этап паглыблення нашага супрацоўніцтва. Мы паказваем прыклад, як павінны ўзаемадзейнічаць органы ўлады і ВНУ, — прывітаў удзельнікаў форуму старшыня Воранаўскага райвыканкама Дзмітрый Захарчук. — Сёння мы стварылі аснову, які з гадамі прырасце. Форум будзе развівацца і ўдасканальвацца. Галоўная яго задача — выхоўваць падрастаючае пакаленне, ствараць магчымасць для навуковай і творчай самарэалізацыі нашых дзяцей, бо яны — будучыня Беларусі.
Воранаўшчына спрыяе духоўнаму выхаванню моладзі, такую думку выказаў першы прарэктар ГрДзУ Аляксандр Карэўскі. Тут з пакон вякоў з вуснаў у вусны перадаецца народная творчасць, тым самым захоўваецца літаратурная спадчына краіны. І серыя кнігавыдання “Мая Воранаўшчына” таму яскравы прыклад.
Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч таксама не застаўся абыякавым да “Воранаўскіх чытанняў”. Ён накіраваў яго ўдзельнікам прывітальны адрас.
Першых чытальнікаў прынялі Беняконская, Воранаўская, Канвелішская і Пагародзенская школы. Адораныя дзеці працавалі ў секцыях: “Воранаўшчына: вядомыя і невядомыя старонкі гісторыі”, “Воранаўшчына: культурная спадчына роднага краю”, “Славутыя людзі Воранаўшчыны” і “Воранаўшчыне прысвячаецца”. У складзе журы — педагогі Купалаўскага ўніверсітэта, члены Саюза пісьменнікаў Беларусі, прадстаўнікі аддзела адукацыі райвыканкама і мясцовыя паэты.
Моцны краязнаўчы і гістарычны падмурак мелі працы дапытлівых юных навукоўцаў. Пад кіраўніцтвам настаўнікаў яны працавалі не тыдзень і нават не месяц, дасканальна вывучаючы гісторыю роднага краю, яго персаналіі і культурны складнік. Да таго ж, у пошуку дадатковых звестак школьнікі, можна сказаць, адпраўляліся ў міні-экспедыцыі. Нашы знаўцы пазнаёмілі журы з архітэктурай, фальклорам, мастацкімі вырабамі раёна, паразважалі аб развіцці праваслаўя на яго тэрыторыі, разабралі геральдыку гербаў, пазнаёмілі са сваімі продкамі, ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, выдатнымі настаўнікамі, спартсменамі… На думку купалаўцаў, многія працы хоць сёння могуць быць накіраваны на розныя абласныя алімпіяды і конкурсы.
Слушнае меркаванне выказала дацэнт кафедры беларускай філалогіі, кандыдат навук Аліна Сабуць: сапраўдная паэзія нараджаецца на Радзіме. Шчымлівыя і праніклівыя вершы нарадзіліся ў школьнікаў і настаўнікаў Воранаўшчыны. Гаварылі яны пра матчын пірог, ахвяры вайны, бацькоўскую зямлю, будучае…, па-свойму выказваючы любоў і павагу да малой радзімы.
Інтрыгай дня стала вызначэнне пераможцаў. Бясспрэчнымі лідарамі форуму прызнаны вучні Дар’я Мерава і Сандра Сварабовіч з Канвелішскай школы, Аляксандр Белагаловы, Валерыя Карпінская і Ганна Грэмза з Радунскай школы, а таксама канвелішскія настаўнікі Наталля Якжык і Надзея Адамчык.
Пісьменнікі на свята прыбылі, як і даводзіцца творцам, з кнігамі. Выданні намесніка старшыні Гродзенскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Дзмітрыя Радзівончыка, Аліны Сабуць і воранаўца Міхаіла Забалотнага папоўнілі як прыватныя бібліятэкі, так і фонд раённай скарбніцы ведаў і Канвелішскай школы. А ў сувязі з 70-годдзем нацкаму паэту і краязнаўцы Уладзіміру Рулю была ўручана грамата Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Падводзячы вынікі працы літаратурна-краязнаўчага форуму, Дзмітрый Захарчук зазначыў, што плануецца выданне кнігі з творамі і працамі яго ўдзельнікаў. “Воранаўскія чытанні” будуць праходзіць раз у два гады, каб была магчымасць да іх сур’ёзна падрыхтавацца, бо прыкладуцца намаганні напашырэнне яго геаграфіі.
Меркаванне
Руслан Казлоўскі, дацэнт кафедры беларускай філалогіі ГрДзУ, кандыдат навук, член Саюза пісьменнікаў Беларусі:
— Вельмі важнай з’яўляецца сувязь розных галін адукацыі. Звычайна яна бачыцца між сярэдняй і вышэйшай галіной адукацыі своеасаблівым зваротам вучань-студэнт-спецыяліст. Дзякуючы цеснай сувязі нашага ўніверсітэта і Воранаўскага райвыканкама ён мае дадатковае ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва, дзе ёсць месца навуковай дзейнасці, павышэнню кваліфікацыі, эканамічнаму ўзаемадзеянню.
Сёлетнія “Воранаўскія чытанні” маюць магчымасць выяўлення навуковага і творчага патэнцыялу самога раёна. Бачна, што вучні, настаўнікі зацікаўлены ўдзельнічаць у такога кшталту мерапрыемствах, бо іх дзейнасць мае выяўленне. Дый любы педагог зацікаўлены займацца навуковай працай з вучнем, калі ён можа рэалізавацца. Так, існуюць навукова-практычныя канферэнцыі. Аднак літаратурна-краязнаўчы форум мае больш шырокі тэматычны абсяг і, што галоўнае, звязаны з беларускай літаратурай. І ёсць перспектыва стварэння раённага творчага аб’яднання, што дасць штуршок росту ў вас пісьменніцкіх кадраў, бо пісьменнікамі не становяцца за год ці два, гэта працяглы час творчага станаўлення і сталення.
Больше фото: https://www.voran.by/news/novostivoronovshchiny/0112221.html