24.02.2025
Масленіца ступала, у карагод склікала. На гарадской плошчы Воранава святкавалі Масленіцу
Самае вясёлае смачнае свята спрадвеку адзначаецца беларусамі. Яго галоўны атрыбут — бліны як сімвал заклікання ў хаты багацця, новага ўраджаю і дабрабыту. Канешне ж, усё гэта перадаецца, калі частуюць “маленькім сонейкам” сяброў, сваякоў, землякоў дый проста незнаёмых людзей. Галоўнае — каб ад душы. Часцінку сілы сонца перадалі варанаўчанам і іх гасцям работнікі культуры раёна.
На жаль, з раніцы субота не парадавала надвор’ем. Ды гэта не перашкодзіла рамеснікам, прадстаўнікам гандлю і паслуг прыцягваць увагу дарослых і дзятвы да духмяных страў, дзіцячых забаў ды аўтарскіх вырабаў. Але хацелася, каб фэст быў больш мнагалюдным.
Галоўнае дзейства найперш парадавала дзяцей. Яны актыўна ўключыліся ў забавы. Кульмінацыйным момантам свята стала спальванне пудзіла зімы.
На тэматычных падворках пад беларускія народныя песні ды вядомыя рускія ад артыстаў культуры раёна гледачы маглі пазнаёміцца з традыцыяй святкавання Масленіцы ды пасмакаваць бліны. Са смятанай, з грыбамі, салам, бананамі, згушчонкай… Выпечанымі з пылу-жару ды ад душы.
Чаму святкуюць Масленіцу, падзяліліся землякі.
Галіна Шарко, намеснік старшыні Воранаўскага райвыканкама:
— Сёння жыхары раёна сабраліся, каб падтрымаць добрую славянскую традыцыю — прывітаць надыход вясны, разам развітацца з зімою. Несумненна, такія святы аб’ядноўваюць беларусаў як нацыю, звяртаюць нас да нашых каранёў, абрадаў продкаў.
Жадаю землякам моцнага здороўя, поспехаў. Не толькі паспрабаваць смачных бліноў з духмяным алеем, але і прыгадаць дзецям нашы абрады, каб і надалей яны жылі і перадаваліся з пакалення ў пакаленне.
Ганна Хадыка:
— На свята прыехала з Бастунаў з дачушкамі Антанінай і Варварай. Цудоўна, што ладзяцца такія фэсты, дзе падтрымліваюць нашу культуру, а мы, бацькі, можам далучыць сваіх дачок і сыноў да спадчыны продкаў. Гэта цудоўны выходны дзень, які я змагла правесці разам з сям’ёй, яшчэ больш згуртавацца. Мае дзяўчынкі ўдзельнічалі ў жартаўлівых спаборніцтвах, падтрымлівала іх і суперажывала.
Ангеліна і Генадзій:
— Наша маленькая дачушка Валерыя любіць святы, песні. Хочам, каб яе дзяцінства было шчаслівым. Лічым, што з малых гадоў трэба далучаць дзяцей да народных беларускіх традыцый і звычаяў.
Марына КАНДРАТОВІЧ. Фота Алега БЕЛЬСКАГА.
Больше фото: https://www.voran.by/news/novosti-voronovshchiny/maslenitsa-stupala-u-karagod-sklikala-na-garadskoy-ploshchy-voranava-svyatkavali-maslenitsu.html