10.06.2026
Вопытам лячэння хвароб вуха, горла, носа і вока падзеляцца ў Гродне вучоныя і ўрачы-практыкі з Беларусі і Расіі
10 чэрвеня, Гродна /Кар. БЕЛТА/. Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя з міжнародным удзелам "Клінічны вопыт і адукацыйныя тэхналогіі: дыялог пакаленняў у отарыналарынгалогіі" 12 чэрвеня збярэ ў Гродне вучоных з Беларусі і Расіі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў ВНУ . Сваімі напрацоўкамі падзеляцца з калегамі дактары і кандыдаты медыцынскіх навук, прафесары ВНУ і высокакваліфікаваныя спецыялісты профільных навукова-практычных цэнтраў. У рабоце канферэнцыі прымуць удзел прадстаўнікі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, Першага Санкт-Пецярбургскага медыцынскага ўніверсітэта імя акадэміка І.П.Паўлава, Нацыянальнага медыцынскага даследчага цэнтра отарыналарынгалогіі Федэральнага медыка-біялагічнага агенцтва Расійскай Федэрацыі, Гомельскага і Віцебскага медуніверсітэтаў, РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі (Мінск). Вучоныя і спецыялісты абмяркуюць вопыт міждысцыплінарных падыходаў у лячэнні захворванняў лор-органаў, вока і сківічна-тварнай вобласці, вопыт клінічнай практыкі і настаўніцтва ў отарыналарынгалогіі, афтальмалогіі і стаматалогіі, клінічны вопыт у фармакатэрапіі хвароб вуха, горла, носа, вока і поласці рота. На канферэнцыі, прымеркаванай да 65-годдзя кафедры отарыналарынгалогіі і вочных хвароб ГрДМУ, загадчык кафедры доктар медыцынскіх навук прафесар Алег Хораў і загадчык отарыналарынгалагічнага аддзялення для дарослых РНПЦ отарыналарынгалогіі, кандыдат медыцынскіх навук Іван Гарнастай правядуць майстар-клас "Мастаідапластыка, гісторыя, паказанні, тэхніка ў пытаннях і адказах". Пройдуць таксама майстар-класы па камп'ютарнай тамаграфіі і хірургіі вуха.-0-