Главная / Новости / Новости района
18.09.2023

Урачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню народнага адзінства, сабрала воранаўчан у Радуні

Дзень народнага адзінства — самае маладое свята краіны. Але па значнасці яно стала на адзін узровень з такімі фундаментальнымі датамі нашай дзяржаўнасці, як Дзень Перамогі і Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Сапраўды, уз’яднанне Беларусі 17 верасня 1939-га — эпахальная падзея, якая здолела аб’яднаць нашу нацыю і паставіць яе на шлях развіцця.

Не першы год Дзень народнага адзінства ў нашым раёне адзначаецца шэрагам знакавых мерапрыемстваў. І галоўнае пры гэтым — водгук, які яны знаходзяць у сэрцах людзей. Сёлета, як і ў мінулыя гады, свята праходзіць у Радуні сумесна з раённым фестывалем народных традыцый і мастацтва. Добразычлівасцю, у сяброўскім карагодзе сустрэлі гаспадары пасёлка гасцей — кіраўніцтва раёна, прадстаўнікоў працоўных калектываў, нацыянальных меншасцей, грамадскіх аб’яднанняў, моладзь…

— Сябры. Са святам! — прывітаў землякоў старшыня Воранаўскага райвыканкама Дзмітрый Захарчук. — Святам сапраўднага патрыятызму і грамадскай салідарнасці. Гэта падмурак, на якім трымаецца жыццё, захоўваюцца маральныя каштоўнасці і выхоўваюцца дзеці.

Жаданне жыць у міры і быць шчаслівымі аб’ядноўвае ўсіх людей. Як бы ні было цяжка, мы абавязаны захаваць мір, парадак і стваральнае развіццё дзеля памяці гераічных продкаў, будучых пакаленняў беларусаў, якія прыйдуць за намі. Нам ёсць чым ганарыцца ў мінулым, і мы маем права разлічваць на будучыню. Упэўнены, разам мы зможам дасягнуць ўсіх абазначаных мэтаў!

Насельніцтва Воранаўскага раёна шматнацыянальнае, але мы жывём і працуем як адно цэлае. Такія розныя культуры, рэлігіі, разнастайнасць звычаяў ужо даўно на воранаўскай зямлі складаюць блізкую і па-асабліваму дарагую ўсім нам агульную гісторыю і культурную спадчыну. Спадзяюся, што імкненне да супрацоўніцтва, згуртаванасці застануцца асновай росквіту нашага раёна. Няхай родная Беларусь заўсёды будзе квітнеючай, жыццё — мірным, людзі — шчаслівымі, а адзінства — непарушным!

Ніводнае свята ў нас не абыходзіцца без узнагарод. Падзякай старшыні раённага выканаўчага камітэта за поспехі ў сацыяльна-культурным развіцці адзначаны Радунская сярэдняя школа, за шматгадовую плённую, добрасумленную працу — начальнік ДРБУ-120 В.Ф. Малочка. Падзячным пісьмом старшыні Воранаўскага раённага Савета дэпутатаў за актыўны ўдзел у рабоце органаў мясцовага кіравання — дырэктар эксперыментальнай базы “Пагародна” І.Ул. Чупрэвіч, галоўны спецыяліст сектара ідэялагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Л.В. Нядзелька, педагог-арганізатар Воранаўскага каледжа С.Л. Вашкевіч.

Для жыхароў нашага раёна важна, каб ніколі не абарвалася жыццёсцвярджальная сувязь пакаленняў, не знікла памяць пра людзей воранаўскага краю. Воранаўскі райвыканкам заснаваў Кнігу славы раёна, дзе занесены імёны і радунцаў. Пасведчанне аб занясенні ў Кнігу славы на святочнай сцэне ўручылі ўрачу Радунскай бальніцы І.І. Удот і заслужанаму лесаводу I.В. Жуку.

Дэпутат палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Маркевіч за працоўныя заслугі, добрасумленнае выкананне службовых абавязкаў аб’явіў Падзяку Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь спецыялісту па арганізацыі ідэалагічнай работы КСУП “Больцішкі” Святлане Вількевіч і намесніку дырэктара дзяржпрадпрыемства “Гіркі” Леаніду Сярчэні.

Завяршыў афіцыйную частку мерапрыемства выхад прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей. «Кола сяброўства» сабрала беларусаў, рускіх, літоўцаў, палякаў, украінцаў, яўрэяў, цыган… Сёння з гонарам кожны можа сказаць: Беларусь — у маім сэрцы! Мая! Адзіная.

Фото по ссылке: https://www.voran.by/news/novosti-voronovshchiny/urachystae-merapryemstva-prysvechanae-dnyu-narodnaga-adzinstva-sabrala-vorana-chan-u-raduni.html