Сцяг, герб і гімн з’яўляюцца візітнай карткай краіны на міжнароднай арэне і сімвалам адзінства грамадзян. Гэта фундаментальныя атрыбуты суверэнітэту, якія ўвасабляюць гісторыю, культуру і каштоўнасці дзяржавы. Для кожнага беларуса яны сталі сімвалам незалежнасці, пераемнасці традыцый і гістарычнай памяці народа. Яны адлюстроўваюць нацыянальную ідэю, слаўнае мінулае і падкрэсліваюць самаідэнтычнасць.
Сёння ў Дзень Дзяржаўных сцяга, герба і гімна Рэспублікі Беларусь на галоўнай плошчы Воранава ўшанавалі сімвалы краіны. У адзіным парыве кіраўніцтва раёна, дэпутацкі корпус, прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскіх аб’яднанняў выказалі павагу да галоўных сімвалаў краіны. Ва ўнісон забіліся сэрцы варанаўчан, калі ўдзельнікі ваенна-патрыятычных клубаў “Патрыёт” і “Страла” Воранаўскай школы ўрачыста вынеслі дзяржаўную сімволіку. Пад гукі гімна на флагштоку падняўся сцяг. Права падняць яго атрымаў воранаўскі дзесяцікласнік, пераможца раённага этапу конкурсу “Я патрыёт сваёй краіны” Глеб Юранец.
— Гэтае свята аб’ядноўвае ўсе пакаленні грамадзян і дае магчымасць кожнаму з нас з пачуццём гонару і адказнасці ўсвядоміць сваю прыналежнасць да роднай Беларусі, — падкрэсліў старшыня Воранаўскага райвыканкама Аляксандр Часнойць. — Сімвалы дзяржавы — гэта святыні, якія гуртуюць нас у адну вялікую сям’ю, напаўняючы сэрцы гонарам за гераічную гісторыю, духоўныя і культурныя каштоўнасці, слаўную сучаснасць і шчаслівую будучыню беларускага народа.
Літаральна ўчора мы адзначылі Дзень Перамогі. Нашы сцяг, герб, гімн і Вялікая Перамога — непарыўна звязаныя паміж сабой сімвалы велічы і незалежнасці беларусаў. Імкненне да міру, адданасць роднай зямлі і гатоўнасць ствараць у імя будучых пакаленняў дапамагалі нам ва ўсе часы заставацца вернымі сабе і сваім прынцыпам. Гэтыя якасці і сёння дазваляюць нам не толькі выстаяць перад выклікамі сучаснасці, але і памножыць нашы дасягненні.
Нацыянальныя сімвалы — гэта не толькі сімвалы дзяржавы, але і ўсіх нас разам і кожнага паасобку. Таму святы абавязак кожнага, хто лічыць сябе грамадзянінам Беларусі, паважаць і шанаваць іх.
У рамках урачыстасці вучні Воранаўскай школы прамовілі клятву Дзяржаўным сімвалам роднай краіны. Сабе і суайчыннікам абяцалі быць патрыётамі, годнымі нашчадкамі сваіх дзядоў і прадзедаў і працаваць на карысць Айчыны.
Услед у неба ўзляцелі чырвоныя і зялёныя шары як сімвал адзінства, незалежнасці і стваральнасці. Аб’яднаныя пачуццём гонару за свой край, яго слаўную гісторыю варанаўчане са сцягамі праехалі па вуліцах райцэнтра, такім чынам выказваючы любоў да Айчыны, яе гісторыі і малой радзімы.
Ніна Багінская, інжынер-гіядэзіст Воранаўскага ПМС:
— Дзяржаўныя сімвалы — гэта генетычны код нацыі, сувязь часоў для беларусаў. У іх адлюстроўваюцца каштоўнасці, традыцыі і суверэнітэт. Яны ўвасабляюць мужнасць нашага народа, адзінства, падкрэсліваюць нацыянальны дух і годнасць беларусаў. У іх наша будучыня і надзея, мы павінны іх берагчы. І сённяшняя ўрачыстасць, аўтапрабег напоўнілі нашы сэрцы радасцю і гонарам, што мы жывём пад нашым беларускім сцягам.
Яна Шарко, вучаніца Воранаўскай СШ:
— Вельмі хвалюючым было для мяне гэтае свята. Клятва на вернасць дзяржаўным сімвалам, якую сёння дала разам з сябрамі, — гэта не проста словы, а прызнанне адзінства са сваёй краінай, гісторыяй, народам. Гэта яшчэ больш умацавала дух патрыятызму, які пранясу праз гады. Пастараюся быць вернай і сваёй клятве, і любай Беларусі.
Марына КАНДРАТОВІЧ.
Фота Сяргея ГРЫЧЫКА.