15 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У каледжах Беларусі пачынаецца прыём дакументаў у тых, хто паступае на ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі,
паведамляе БЕЛТА.Прадоўжыцца прыём па 23 жніўня. На ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі каледжы плануюць прыняць у гэтым годзе каля 29 тыс. чалавек на бюджэт, з іх у дзённай форме атрымання адукацыі - каля 28,1 тыс. На аснове агульнай базавай адукацыі прымуць амаль 23,4 тыс. чалавек, на аснове агульнай сярэдняй адукацыі - амаль 4,4 тыс., спецыяльнай адукацыі - 414 чалавек. На вячэрнюю форму атрымання адукацыі прымуць каля 700 чалавек, на завочную - 185 чалавек, на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі - каля 5,4 тыс.
У прыёмную камісію паступаючыя падаюць заяву на імя дырэктара, арыгінал дакумента аб адукацыі, фатаграфіі, медыцынскую даведку аб стане здароўя, дакументы, якія пацвярджаюць права на льготы пры прыёме на навучанне, дакумент, які засведчвае асобу.
План прыёму ў каледжы для атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі складае каля 38,9 тыс. чалавек, у тым ліку за кошт сродкаў бюджэту - каля 31,4 тыс., на платнай аснове - каля 7,5 тыс. Для атрымання адукацыі ў дзённай форме за кошт сродкаў бюджэту каледжы прымуць каля 30 тыс. чалавек, у тым ліку на аснове агульнай базавай адукацыі - 22,3 тыс., на аснове агульнай сярэдняй і прафесійна-тэхнічнай адукацыі - 7,78 тыс.
На ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі каледжы будуць прымаць дакументы ў выпускнікоў 9-х класаў на бюджэтныя месцы з 18 ліпеня па 3 жніўня, на платныя - з 18 ліпеня па 10 жніўня. Залічэнне на бюджэт адбудзецца па 6 жніўня. Прыём дакументаў у тых, хто паступае на спецыяльнасці, па якіх праводзяцца ўступныя іспыты, пройдзе 18-23 ліпеня. Экзамены правядуць з 24 па 29 ліпеня. Гэту катэгорыю абітурыентаў залічаць на бюджэт па 31 ліпеня. На спецыяльнасці па напрамках "сельская гаспадарка" і "ветэрынарыя" дакументы на бюджэт трэба падаць з 18 ліпеня па 6 жніўня, на платныя месцы - з 18 ліпеня па 10 жніўня. У гэтым выпадку залічэнне на бюджэт адбудзецца па 8 жніўня, на платнае па ўсіх спецыяльнасцях - па 12 жніўня.
Усяго каледжы Беларусі прымуць у гэтым годзе больш як 68 тыс. абітурыентаў.-0-