Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
15.09.2020

"Трэба цясней трымацца з нашым старэйшым братам" - Лукашэнка аб супрацоўніцтве з Расіяй

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка бачыць неабходнасць у больш цесным супрацоўніцтве з Расіяй, у тым ліку ў сферы эканомікі. Аб гэтым ён заявіў сёння на сустрэчы ў Сочы з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Эканоміка ляжыць у аснове ўсяго. І паверце, што мы заўсёды прытрымліваліся гэтай лініі. А вось гэтыя падзеі паказалі, што нам трэба цясней трымацца з нашым старэйшым братам і супрацоўнічаць па ўсіх пытаннях, у тым ліку і ў эканоміцы", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Што датычыцца эканомікі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што 10 млн чалавек у Расіі працуюць на прадпрыемствах, якія ў той ці іншай ступені завязаны на кааперацыі з партнёрамі ў Беларусі. "Калі ў сярэднім 4 чалавекі ў сям'і, то 40 млн расіян. Гэта значыць кааперацыя вельмі цесная. І вы абсалютна маеце рацыю. Мы ў гэтым напрамку будзем рабіць усё. Таму што ў нас уся краіна фактычна завязана на сыравіну, камплектуючыя, матэрыялы, супрацоўніцтва (з Расіяй. - Заўвага БЕЛТА), я не гавару ўжо аб рынках. Асноўны рынак - 48 працэнтаў сваёй прадукцыі мы пастаўляем у Расійскую Федэрацыю", - заявіў беларускі лідар.

У сувязі з гэтым ён згадаў аб сваёй размове з прэм'ер-міністрам Венгрыі Віктарам Орбанам. "Я неяк у свайго таварыша Орбана спытаў аб супрацоўніцтве з іншымі краінамі, асабліва ў ЕС, у сувязі з яго асобай пазіцыяй. Ён мне назваў лічбу: па-мойму, да 90 працэнтаў, гаворыць, мы гандлюем з Германіяй. Вось і ўвесь адказ на тваё пытанне, - ён мне гаворыць", - расказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што яшчэ да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі яны з Уладзімірам Пуціным дамаўляліся пасля электаральнай кампаніі актыўна заняцца пытаннямі эканамічных адносін. Было прапанавана, каб у Мінск прыехаў расійскі прэм'ер-міністр з членамі ўрада, правялі перагаворы. "Каб мы зноў не наступалі на граблі, звычайна спатыкаючыся на складаных пытаннях. Так, Міхаіл Мішусцін прыехаў у Мінск, мы з ім сустракаліся. Яны вельмі добрую работу правялі па ўсіх пытаннях, якія ляжалі на паверхні. Дамоўленасцей дасягнулі. Некаторыя пытанні мы адклалі спецыяльна для сустрэчы прэзідэнтаў, каб іх абмеркаваць і прыняць рашэнне", - сказаў кіраўнік дзяржавы.-0-

НАВIНЫ БЕЛАРУСI