Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
14.12.2022

Навагодняя дабрачынная акцыя "Нашы дзеці" пройдзе з 15 снежня па 15 студзеня

Навагодняя дабрачынная акцыя "Нашы дзеці" пройдзе з 15 снежня па 15 студзеня 2023 года, паведаміла журналістам намеснік начальніка ўпраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Алена Сімакова, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Прадугледжваецца, што толькі на рэспубліканскім узроўні ў акцыі паўдзельнічаюць больш за 20 тыс. дзяцей. Мноства мерапрыемстваў па ўсёй краіне пройдзе і на абласным узроўні. Мэта акцыі заключаецца ў тым, каб падтрымаць дзяцей, якія асабліва маюць патрэбу ў дапамозе і падтрымцы. Прычым арганізатары стараюцца задзейнічаць як мага большую колькасць дзяцей.

Згодна з зацверджаным планам, прадстаўнікі, а ў многіх выпадках кіраўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання, больш за 150 арганізацый і прадпрыемстваў краіны наведаюць дзіцячыя інтэрнатныя ўстановы, сацыяльныя прытулкі, установы сацыяльнай абароны, аховы здароўя, дзіцячыя рэабілітацыйныя цэнтры, каб павіншаваць дзяцей і ўручыць ім падарункі. Дораць не толькі салодкія падарункі, але і абсталяванне, інвентар, кнігі, цацкі.

Дабрачынная акцыя традыцыйна ўключае шэраг мерапрыемстваў. Яе ўрачыстае адкрыццё пройдзе 15 снежня ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, куды прыедуць дзеці з Мінска і іншых рэгіёнаў краіны. Значнымі падзеямі стануць мерапрыемствы з удзелам кіраўніка дзяржавы. У Палац Рэспублікі, у прыватнасці, рыхтуюцца прыехаць 2370 хлопчыкаў і дзяўчынак з усёй краіны. Таксама паўдзельнічаюць дзеці, якія пражываюць за межамі Беларусі, але маюць беларускія карані.

Святочныя мерапрыемствы пройдуць і ў Палацы Незалежнасці. Для дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, выхаванцаў апякунскіх, прыёмных сем'яў, дзіцячых дамоў сямейнага тыпу і інш арганізатары падрыхтавалі розныя паказы.

У гэтым годзе ў акцыі паўдзельнічаюць дзеці педагагічных работнікаў з усёй краіны. Для іх ёлка пройдзе на базе Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.

Традыцыйна ўдзельнікамі навагодняй дабрачыннай акцыі "Нашы дзеці" становяцца дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, дзеці-інваліды, пераможцы рэспубліканскіх, абласных конкурсаў, спартакіяд, розных мерапрыемстваў. Таксама задзейнічаны студэнты і навучэнцы, якія дасягнулі пэўных поспехаў у вучобе, грамадскай рабоце.

Партнёрам акцыі выступае Беларускі дзіцячы фонд. У хуткім часе ў Мінску і абласцях з'явяцца лістоўкі, прысвечаныя навагодняй акцыі, з інфармацыяй, як можна пералічыць сродкі на рахунак фонду. Тым самым прадпрыемствы і арганізацыі розных форм уласнасці, грамадзяне змогуць далучыцца да рэспубліканскай акцыі. Больш таго, грамадзяне і арганізацыі прыватнай формы ўласнасці заяўляюць аб сваім жаданні наведаць дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, дзіцячыя ўстановы, каб павіншаваць дзяцей, якія з-за нейкіх абставін не могуць сустрэць навагоднія святы з роднымі і блізкімі.-0-

БЕЛТА - Навiны Беларусi