13 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністр адукацыі Андрэй Іванец, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА, расказаў аб удасканаленні выпускной і ўступнай кампаній у Беларусі.
Пры Міністэрстве адукацыі створаны грамадска-кансультатыўны савет, які праводзіць пэўныя экспертызы кіраўніцкіх рашэнняў, што прымаюцца ў сферы адукацыі. На гэты момант яшчэ раз аналізуецца ход выпускных экзаменаў і ўступнай кампаніі з мэтай знайсці прымальны варыянт, які дазволіў бы бачыць абітурыента і аб'ектыўна ацэньваць яго веды.
"Кіраўніком дзяржавы пастаўлена задача паставіць кропку ў пытанні выпускной кампаніі за курс сярэдняй школы і ўступнай кампаніі ва ўстановы вышэйшай адукацыі. Сёння мы ўжо можам падвесці канчатковыя вынікі як выпускной, так і ўступнай кампаніі. Калі коратка, тыя асноўныя задачы, якія ставіў Прэзідэнт перад сістэмай адукацыі - прыцягнуць адораных, не страціць матываваных і максімальна ўбачыць кожнага абітурыента, - яны выкананы. Сёння больш за 4 тыс. першакурснікаў паступілі ў нашы ўніверсітэты без здачы экзаменаў. Гэта адораныя вучні, пераможцы міжнародных алімпіяд, конкурсаў, выпускнікі дзіцячага тэхнапарка і іншая таленавітая моладзь. Другі немалаважны аспект - тое, што сёння больш за 13 тыс. першакурснікаў з'яўляюцца матываванымі - гэта тыя, хто паступіў на мэтавую форму падрыхтоўкі, хто скончыў сярэднія спецыяльныя ўстановы адукацыі і паступіў ва ўніверсітэт па сваім профілі без здачы ЦТ па ўнутраным іспыце. Ну, і задача ўбачыць абітурыента - сёння кожны трэці першакурснік у бягучым годзе стаў студэнтам без здачы ЦТ, фактычна гэта тыя, хто здаваў унутраныя іспыты ў розных формах: гэта і творчыя іспыты, і вусныя, і пісьмовыя, і комплексныя іспыты", - расказаў Андрэй Іванец.
Міністр адзначыў, што тыя падыходы, якія былі выпрацаваны ў мінулым годзе і апрабаваны ў гэту ўступную кампанію, сябе цалкам апраўдалі. "Аб гэтым сведчаць у тым ліку сухія лічбы статыстыкі. Таму наша прапанова - далей развіваць гэтыя траекторыі, ствараць тыя неабходныя магчымасці для таго, каб адораная моладзь заставалася не проста ў нашых універсітэтах, але прыходзіла ў нашы ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі, ліцэі, каледжы. Другое - мы павінны пашыраць набор матываваных выпускнікоў педагагічных, аграрных і іншых профільных класаў, таксама гэта датычыцца выпускнікоў ліцэяў пры ўніверсітэтах. Трэцяе - мы павінны пашыраць вопыт "убачыць абітурыента", - праінфармаваў ён.
Кіраўнік адукацыйнага ведамства падкрэсліў, што сістэма адукацыі гатова да таго, каб уводзіць гэтыя навацыі. "Безумоўна, усё гэта павінна адбывацца паступальна. Сёння сістэма адукацыі настроена на стабільную работу, каб не было ніякіх нечаканасцей, узрушэнняў, таму пра любыя змяненні, якія мы будзем прапаноўваць, грамадства павінна даведацца загадзя. Гэта наш прынцыповы падыход, улічваючы тое, што сёння вучні, якія навучаюцца ў 9-х класах, ужо робяць свой першы выбар траекторыі адукацыі - паступіць у каледж або прадоўжыць навучанне ў школе і потым паступіць ва ўніверсітэт. Таму пра тыя прапановы, якія мы сёння разглядаем, як мінімум 9-класнікі павінны даведацца загадзя", - растлумачыў Андрэй Іванец.-0-