Галоўная / Навiны / Навiны рэгiёна
09.11.2023

Выставу да дня нараджэння Максіма Багдановіча прадставілі ў музеі паэта ў Гродне

Выставу, прысвечаную дню нараджэння Максіма Багдановіча, арганізавалі ў музеі паэта ў Гродне. Аб гэтым паведаміла карэспандэнту БЕЛТА загадчыца літаратурнага аддзела Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея Настасся Грушэўская.

У класіка беларускай літаратуры шмат творчых іпастасей: паэт-наватар, празаік, перакладчык, крытык, гісторык і тэарэтык літаратуры, публіцыст. З яго імем звязаны пачатак традыцыі беларускага мастацкага перакладу. Максім Багдановіч зрабіў пераклады на рускую мову твораў Янкі Купалы, Тараса Шаўчэнкі, Івана Франко, на беларускую - Аляксандра Пушкіна, Авідыя, Гарацыя, Гейнэ, Шылера і Верхарна.

"Выставу да дня нараджэння паэта (Максім Багдановіч нарадзіўся 9 снежня 1891 года) на гэты раз мы прысвяцілі яго перакладчыцкай дзейнасці, - расказала Настасся Грушэўская. - Упершыню выставілі аўтограф паэта - рукапісны варыянт перакладу на беларускую мову верша французскага паэта-імпрэсіяніста Поля Верлена "Плач сэрца майго". Дакладней, на выставе прадстаўлена копія аўтографа, але ў музеі захоўваецца і яго арыгінал. Дапаўняе тэму перакладзены зборнік вершаў Поля Верлена "У месяцовым ззянні". Усяго Максім Багдановіч пераклаў на беларускую мову 22 вершы Верлена. Цікавыя зборнікі перакладаў вершаў самога Максіма Багдановіча на літоўскую, латышскую, балгарскую мовы. Напрыклад, зборнік "Цвяток радзімы васілька" на латышскай - праца вядомых перакладчыкаў Андрыса Веяна і Віктара Ліўземніека, "Вянок" у перакладзе на літоўскую Антанаса Дрылінга, выдадзены ў Сафіі зборнік "Залатыя струны" з перакладамі на балгарскую Хрыста Папова".

На выставе паказаны кнігі, ілюстраваныя здымкамі Максіма Багдановіча і яго сям'і, а таксама першае ў жыцці фота аднагадовага Максіма, зробленае ў Гродне, у майстэрні Садоўскага-Казлоўскага. У экспазіцыі ёсць і пласцінка з вершамі Максіма Багдановіча, выпушчаная фірмай "Мелодыя" ў 1981 годзе, да 90-годдзя з дня нараджэння паэта. І, вядома ж, знакамітая "Зорка Венера". Цікавасць выклікаюць таксама запрашэнні на ўрачысты вечар і адкрыццё выставы выяўленчага мастацтва, прысвечаныя 90-годдзю з дня нараджэння паэта, кніга беларускага кампазітара Льва Абеліёвіча "Рамансы на тэксты М.Багдановіча".

"Цікавасць да выставы і музея вялікая, - адзначыла Настасся Грушэўская. - Толькі на канікулах мы правялі экскурсіі для больш як 30 груп вучняў Гродзенскай вобласці. Музей наведалі таксама школьнікі з Магілёва".

Выстава прадоўжыцца да канца года.-0-

БЕЛТА - Навiны Беларусi