Эканоміка рэзідэнтаў тэхнапаркаў павінна адпавядаць аб'ёму дзяржаўнай падтрымкі. Аб гэтым журналістам падчас наведвання навукова-тэхналагічнага парка ГрДУ імя Я.Купалы сказаў старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Сяргей Шлычкоў, перадае БЕЛТА.
"Мы за апошнія некалькі месяцаў перагледзелі палітыку падтрымкі тэхнапаркаў і будзем арыентавацца на максімальнае садзейнічанне дзейнасці саміх рэзідэнтаў. На працягу даволі доўгага часу ў нашай краіне былі накіраваны значныя рэсурсы для таго, каб стварыць такія пляцоўкі. Цяпер наша задача - запоўніць тэхнапаркі рэзідэнтамі. Галоўны жа паказчык эфектыўнасці тэхнапаркаў - гэта эканоміка", - сказаў Сяргей Шлычкоў.
Ён таксама адзначыў, што падрыхтаваны ўжо шэраг нарматыўна-прававых актаў, праектаў, якія дадуць магчымасць тэхнапаркам вярнуць права фарміраваць фонды інавацыйнага развіцця, па сутнасці, зарабляць на інавацыйнай дзейнасці і накіроўваць сродкі на развіццё самога тэхнапарка і развіццё рэзідэнтаў. Згодна з планамі дакументы будуць прыняты праз адзін-два месяцы.
"Мы цяпер звярнулі ўвагу на міжнародную практыку, якой чамусьці на працягу шэрага гадоў не ўдзялялі належнай увагі. Гэта пытанне перш за ўсё фінансавай падтрымкі на самых пачатковых стадыях. Як правіла, людзі прыходзяць з крэатыўнымі ідэямі, але кампетэнцый не хапае, каб ацаніць перспектывы камерцыялізацыі. Таму мы заняліся і гэтымі механізмамі і стварылі, распрацавалі тры механізмы грантавай падтрымкі ў залежнасці ад таго, з чым прыходзяць ініцыятары, распрацоўшчыкі", - сказаў Сяргей Шлычкоў.
Старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях растлумачыў, што аб'ёмы магчымай фінансавай падтрымкі будуць залежаць ад стадыі. "На самых ранніх этапах - гэта дазіраваная частка, на больш позніх - грантавая падтрымка. Грантавая падтрымка будзе ісці ў даволі сур'ёзных аб'ёмах. Мы арыентуемся на сусветны вопыт і ўжо рыхтуем адпаведную нарматыўна-прававую базу", - сказаў на заканчэнне Сяргей Шлычкоў.-0-