Галоўная / Навiны / Навiны рэгiёна
19.10.2022

Мірскую батлейку плануюць уключыць у спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі

Мірскую батлейку плануюць уключыць у спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. Аб гэтым журналістам перад адкрыццём рэспубліканскага семінара-практыкуму "Гісторыка-культурная спадчына як рэсурс устойлівага развіцця Гродзенскай вобласці" расказала начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч.

"У Гродзенскай вобласці складзены рэгіянальны спіс з 19 элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны, які ў будучым можа дапоўніць Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Больш за год вядзецца работа па падрыхтоўцы пакета дакументаў па ўключэнні ў 2022 годзе ў дзяржспіс элемента "Традыцыя існавання народнага лялечнага тэатра у Карэліцкім раёне Гродзенскай вобласці (Мірская батлейка)", - сказала Алена Клімовіч.

Яна дадала, што асаблівую ўвагу выклікае стан самабытнай рэгіянальнай традыцыі "Вытворчасць чарнадымленай (чарнаглянцавай) керамікі ў Гродзенскай вобласці". "Работнікі культуры Свіслацкага раёна прыкладаюць нямала намаганняў, каб надаць новую жыццёвую сілу мясцовай рамеснай традыцыі, закладзенай іх землякамі, - братамі Шопікамі з гарадскога пасёлка Поразава ў пачатку XX стагоддзя. Гэтаму шмат у чым будзе садзейнічаць уключэнне элемента ў дзяржаўны спіс, што запланаваны на 2025 год па праграме "Культура Беларусі", - адзначыла начальнік упраўлення культуры аблвыканкама.

Як прагучала, згодна з Дзяржаўнай праграмай "Культура Беларусі" на 2021-2025 гады Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей у 2024 годзе плануецца дапоўніць элементам "Традыцыі абраду "Трох каралёў" у Гродзенскай вобласці", арэол яго распаўсюджання - Лідскі, Іўеўскі і Воранаўскі раёны. "Культура Гродзенскай вобласці мае глыбокія культурныя карані, захаванне, умацаванне і развіццё якіх - аснова паспяховага існавання культуры рэгіёна сёння і ў будучым. Пытанне выяўлення і інвентарызацыі нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі з'яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў культурнай палітыкі краіны, служыць крыніцай культурнай разнастайнасці, канстантай сацыякультурнай дынамікі грамадства і асновай яго ўстойлівага развіцця", - склала Алена Клімовіч.-0-

БЕЛТА - Навiны Беларусi