Меркаваннем аб новых правілах прыёму ў ВНУ з карэспандэнтам БЕЛТА падзялілася рэктар ГрДУ імя Я. Купалы Ірына Кітурка.
"Адным са знакавых новаўвядзенняў у правілы прыёму ў вышэйшыя навучальныя ўстановы з'яўляецца, безумоўна, мэтавая падрыхтоўка. Ужо ў мінулым годзе можна было скарыстацца тымі прэферэнцыямі, якія яна дае. Калі раней на мэтавую падрыхтоўку можна было падаць заяўку толькі з сельскай мясцовасці або населенага пункта колькасцю не больш за 20 тыс. жыхароў, то сёння геаграфічныя і колькасныя паказчыкі адменены. А гэта значыць, што любое прадпрыемства і арганізацыя любога населенага пункта можа даць заяўку на падрыхтоўку спецыяліста ў той ці іншай установе адукацыі па спецыяльнасці, якая іх цікавіць", - сказала Ірына Кітурка.
Яна дадала: "Безумоўна, тут павінна быць зладжаная работа і цесная ўзаемасувязь паміж заказчыкамі кадраў і ўніверсітэтамі, таму што падрыхтоўка спецыяліста - гэта працэс працяглы (як мінімум 4 гады). І для таго, каб зрабіць заяўку на мэтавы набор, прадпрыемствы павінны мець дакладна выбудаваную кадравую палітыку. Яны павінны ведаць, якія кадры ім спатрэбяцца і ў якія тэрміны". Рэктар Купалаўскага ўніверсітэта адзначыла, што ёсць і паскораная мадэль: мэтавая падрыхтоўка спецыялістаў у магістратуры, на якую спатрэбіцца ў сярэднім каля паўтара года.
"Дарэчы, 17 снежня ў нашым універсітэце адбыўся кірмаш мэтавай падрыхтоўкі, у якім прынялі ўдзел наймальнікі - заказчыкі кадраў, школьнікі выпускных класаў, 11-х і 9-х, таму што ў каледжах таксама ёсць мэтавая падрыхтоўка. Мы запрасілі і бацькоў, каб яны прынялі актыўны ўдзел у гэтым мерапрыемстве. Гэта магчымасць аб'яднаць ва ўніверсітэце ўсе зацікаўленыя бакі", - сказала Ірына Кітурка.
Яна таксама звярнула ўвагу на тое, што мэтавая падрыхтоўка мае важны сацыяльны эфект. "Спецыяліст, які прайшоў падрыхтоўку ў рамках мэтавага дагавора, атрымлівае на 5 гадоў сацыяльную гарантыю працаўладкавання і статус маладога спецыяліста. І гэта прывілея. Напрыклад, у Расіі размеркавання няма. І там выпускнік ВНУ павінен самастойна клапаціцца аб пошуку першага месца работы. Наша дзяржава дае гарантыю не толькі працаўладкавання, але і гарантыю прэферэнцый маладога спецыяліста. Гэта сацыяльнае заваяванне нашай дзяржавы, якое мы захавалі", - рэзюмавала Ірына Кітурка.-0-