Галоўная / Навiны / Навiны рэгiёна
02.04.2024

Лукашэнка заклаў капсулу на месцы будаўніцтва гарадской бальніцы Гродна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заклаў капсулу з пасланнем будучым пакаленням на месцы будаўніцтва гарадской клінічнай бальніцы Гродна, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Ва ўрачыстай абстаноўцы кіраўнік дзяржавы паставіў подпіс пад пасланнем будучым пакаленням, якое было пакладзена ў капсулу. Яе Прэзідэнт заклаў у памятны камень, устаноўлены на пляцоўцы будаўніцтва бальніцы.

У пасланні нашчадкам цяперашні час у гісторыі суверэннай Беларусі характарызуецца як цікавы і няпросты: "Мы жывём мірным і шчаслівым жыццём - будуем усе разам нашу любімую, незалежную Беларусь. Але наша сэрца баліць. І мы пішам вам, таму што свет навокал мяняецца. Мы жывём у эпоху небывалага ў параўнанні з мінулымі стагоддзямі навукова-тэхнічнага прагрэсу, але мільярды трацяцца на ўзбраенне і рэгіянальныя канфлікты".

"Планета палае. Цэлыя народы страчваюць свой дом і спрабуюць знайсці прытулак за тысячы кіламетраў ад Радзімы. Мы дапамагаем усім, хто просіць аб дапамозе, і робім усё, каб захаваць няўстойлівы мір на гэтай Богам падоранай зямлі. І верым, што захаваем. Таму будуем дзіцячыя сады, школы, паліклінікі, бальніцы, новыя вытворчасці, культурныя, спартыўныя і гандлёва-забаўляльныя цэнтры", - гаворыцца ў пасланні.

У тэксце згадваецца важная дата, якая адзначаецца ў 2024 годзе, - 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

"За нашымі плячамі тысячагадовая гісторыя беларускага народа, і мы верым, што яна прадаўжаецца вашымі вялікімі справамі! Верым, што рана ці позна ўся энергія чалавецтва, розум і інтэлект будуць накіраваны выключна на стварэнне, што вы зробіце крок далей і выйдзеце за межы Сонечнай сістэмы!" - адзначана ў пасланні.-0-

БЕЛТА - Навiны Беларусi