Урачысты канцэрт на сцэне Палаца культуры ў Лідзе даў старт рэспубліканскай акцыі "Культурная сталіца Беларусі - 2020", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У час канцэрта былі прадстаўлены розныя эпізоды гісторыі горада. Урачыстай праграме папярэднічала выстаўка культурных асаблівасцей і дасягненняў Ліды. Яна аб'яднала мінулае і сучаснае горада, прапанаваўшы гасцям інтэрактыўнае падарожжа па адной з яго найстарэйшых вуліц.
Таксама да свята быў выпушчаны канверт з арыгінальнай маркай "Ліда - культурная сталіца Беларусі - 2020", на якім паказаны выдатныя мясціны горада. 21 лютага адбылося памятнае гашэнне маркі спецыяльным тэматычным штэмпелем.
Ліда стала 11-м горадам, які атрымаў прэстыжны статус.
"Было некалькі прэтэндэнтаў на званне культурнай сталіцы. Але Ліда прэзентавала найбольш цікавую праграму, высокая была зацікаўленасць у тым, каб правесці акцыю, з боку мясцовых і абласных улад", - адзначыла ў час цырымоніі адкрыцця акцыі першы намеснік міністра культуры Наталля Карчэўская. Ліда сёння ўваходзіць у бязвізавую зону, але вельмі важна, каб культурная сталіца стала прывабнай і для айчынных турыстаў.
Наталля Карчэўская ўручыла старшыні Лідскага райвыканкама Сяргею Ложачніку сімвал акцыі і сертыфікат "Ліда - культурная сталіца Беларусі - 2020".
"Гэта ганаровы і вельмі адказны статус. Каляндар культурных падзей на гэты год насычаны. Мы імкнуліся, каб кожнае мерапрыемства было перш за ўсё цікавае гараджанам і гасцям горада", - расказаў Сяргей Ложачнік. Ён падкрэсліў: у гэтым годзе ў Лідзе запланавана больш за 3 тыс. мерапрыемстваў міжнароднага, рэспубліканскага і мясцовага маштабаў.
Графік вялікіх сцэн Ліды распісаны да лістапада. Канцэрты, выстаўкі, майстар-класы, пленэры асабліва ў цёплы час года будуць праходзіць практычна пастаянна. Сярод самых яркіх падзей - фінальны тур нацыянальнага адбору на міжнародныя конкурсы "Славянскага базару ў Віцебску", а таксама традыцыйныя спаборніцтвы юных выканаўцаў, якія сталі адным з культурных брэндаў раёна.
З мая па верасень будзе працаваць культурна-турыстычны праект "Замкавы гасцінец". Кожную суботу і нядзелю тэрыторыя вакол Лідскага замка будзе ператварацца ў святочную пляцоўку з рамеснымі радамі, майстар-класамі, канцэртамі, гульнямі, тэатральнымі выступленнямі. Дарэчы, у гэтым годзе плануецца адкрыццё абноўленай паўднёва-заходняй вежы замка, дзе з'явіцца і новая музейная экспазіцыя. Вежа названа імем Гедыміна.
У верасні традыцыйна Ліда збярэ дзясяткі тысяч гасцей на Дзень горада, фестываль хмелю, соладу і вады з маштабным опэн-эйрам, а таксама відовішчны рыцарскі турнір. У гэтым годзе акрамя байк-злёту Ліда прыме і незвычайны аўтафестываль. Запланавана і міжнародная выстаўка "Арт-Экспа" з удзелам прадстаўнікоў краін СНД.