Галоўная / Навiны / Навiны рэгiёна
21.08.2026

Культурна-адукацыйны цэнтр "Беларускi дранiк" адкрыюць на фестывалі ў Воранаве

21 жніўня, Гродна /Кар. БЕЛТА/. У Воранаве ў дзень правядзення бульба-фэсту "Воранаўскі дранік" 22 жніўня адкрыюць культурна-адукацыйны цэнтр "Беларускi дранiк". Аб гэтым расказалі карэспандэнту БЕЛТА ў сектары культуры Воранаўскага райвыканкама.

У некалькіх тэматычных залах можна будзе даведацца ўсё пра бульбу: як гэта культура з'явілася на беларускай зямлі, якія сельскагаспадарчыя прылады працы выкарыстоўвалі сяляне ў розны час для яе апрацоўкі, якія стравы з бульбы былі заўсёды на сельскім стале. Асобны стэнд раскажа пра сарты бульбы, якія вырошчваюцца ў гаспадарках Воранаўскага раёна.

У асобнай зале будзе размешчана экспазіцыя, якая расказвае пра стравы з дзёртай бульбы. Тут можна будзе даведацца пра арыгінальныя рэцэпты, якія існуюць на Воранаўшчыне. Самы вядомы з іх - знакамітыя "нацкія дзеруны". Таксама зала пазнаёміць з арыгінальнымі рэцэптамі з усёй Беларусі.

На заканчэнне экскурсій, якія будуць тут праводзіцца, гасцей чакае дэгустацыя на стылізаванай сялянскай кухні. У меню будуць і "нацкія дзеруны", якія рыхтуюць з бульбы, здробленай на буйной тарцы, а пасля абсмажвання тушаць у печы ў гаршчочках у грыбным соусе.

На фестывалі вопытныя гаспадыні правядуць майстар-класы. Гасцям жа прапануюць на фуд-корце пакаштаваць восем страў з дзёртай бульбы і выбраць лепшую.-0-