Галоўная / Навiны / Навiны рэгiёна
08.07.2020

Інтэрактыўны музей аб гісторыі рэгіёна з'явіцца ў Гродне

 Інтэрактыўны музей з'явіцца ў будынку былога Палаца культуры тэкстыльшчыкаў у Гродне. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ва ўпраўленні культуры Гродзенскага аблвыканкама.

"Гродна ў апошнія гады становіцца ўсё больш прывабным для турыстаў. Таму важна прапаноўваць ім новыя цікавыя прадукты, максімальна эфектыўна выкарыстоўваць існуючыя аб'екты. Нават вымушаная паўза ў турыстычным патоку дае магчымасць лепш падрыхтавацца да яго аднаўлення. Пасля рэканструкцыі ў абноўленым будынку размесціцца цікавы музей, прысвечаны гісторыі Гродна і Гродзеншчыны", - расказалі ва ўпраўленні культуры Гродзенскага аблвыканкама.

Будынак былога Палаца культуры тэкстыльшчыкаў на Савецкай плошчы вядомы не толькі гараджанам, але і гасцям горада. Цяпер прадаўжаецца яго рэканструкцыя. Супрацоўнікі Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея распрацоўваюць праекты будучых экспазіцый.

"Плануем стварыць нясумны музей, дзе нараўне з унікальнымі экспанатамі будуць арганізаваны інтэрактыўныя зоны з сэнсарнымі экранамі і іншымі аўдыявізуальнымі сродкамі. Задума ў тым, каб прыцягнуць турыстаў і жыхароў горада аўтэнтычнымі і рэдкімі прадметамі, якія адлюстроўваюць соцыум і важнейшыя эпахальныя падзеі ў даступных і лёгка ўспрымальных вобразах і формах", - адзначыў дырэктар Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея Юрый Кітурка. Ён падкрэсліў, што музей будзе цікавы наведвальнікам розных узростаў, прычым не толькі турыстам, але і самім гродзенцам.

Новая экспазіцыя музея адлюструе гісторыю горада і рэгіёна, у ёй будуць прадстаўлены найбольш каштоўныя прыродазнаўчыя калекцыі гісторыка-археалагічнага музея. Напрыклад, у цэнтры адной з залаў на першым паверсе размесціцца шкілет маманта ў натуральную велічыню. Пры яго стварэнні выкарыстоўваюць астанкі жывёл часоў палеаліту, знойдзеныя на Гродзеншчыне.

Гістарычная экспазіцыя, прысвечаная гораду, не будзе адарвана ад месцазнаходжання музея. Напрыклад, гасцям прапануюць акунуцца ў жыццё рыначнай плошчы Гродна і іншых мястэчак рэгіёна і паглядзець, як яны змяняліся на працягу некалькіх стагоддзяў. У цэнтры ўвагі і рака Нёман, некалі адна з галоўных суднаходных артэрый, і першая ў Беларусі чыгунка, якая праходзіла праз Гродна. Аб гэтым раскажуць маштабныя дыярамы, інтэрактыўныя экраны і ўнікальныя экспанаты. Адкрыецца ў музеі фотасалон XIX стагоддзя, дзе можна будзе зрабіць фота на памяць у рэтра-інтэр'ерах. Госці пабываюць на вуліцах міжваеннага Гродна, не застануцца без увагі і ваенныя тэмы. Сваё адлюстраванне ў экспазіцыі з унікальнымі дакументамі, фатаграфіямі, макетамі і дыярамамі знойдуць падзеі вайны 1812 года, Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў.

Ва ўпраўленні культуры аблвыканкама адзначылі, што гэта не адзіныя музейныя наваселлі, запланаваныя на бліжэйшы час. Прадаўжаецца рэканструкцыя Старога Замка ў Гродне, у абноўленых залах якога адкрыюцца новыя тэматычныя экспазіцыі, прысвечаныя найбольш значным эпохам і людзям у гісторыі замка.

"Пачаліся рамонтныя работы і ў правым крыле Новага замка, раней яго займала абласная бібліятэка. Цяпер жа ўвесь каралеўскі палац стане музейнай пляцоўкай. На вызваленых плошчах плануем размясціць мастацкі музей, дзе будуць экспанавацца работы вядучых мастакоў рэгіёна і найбольш значныя карціны з фондаў гісторыка-археалагічнага музея", - адзначылі ва ўпраўленні культуры. Такое рашэнне, як плануецца, прыцягне ў мастацкі музей больш наведвальнікаў, у тым ліку і турыстаў, якія наведваюць комплексныя экспазіцыі ў Новым замку.-0-

НАВIНЫ БЕЛАРУСI