Гродна прыме эстафету маладзёжнай сталіцы Беларусі 25 лютага, паведаміла ў час круглага стала ў прэс-цэнтры БЕЛТА начальнік упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Таццяна Сіманоўская.
"Гэты праект 6 гадоў таму ініцыявалі самі маладыя грамадзяне. За гэты час такога ганаровага статусу былі ўдастоены шэсць гарадоў нашай краіны. У гэтым годзе рашэннем арганізацыйнага камітэта такім горадам стаў Гродна. 24-26 лютага моладзь Беларусі - студэнты вышэйшых навучальных устаноў, маладыя дэпутаты, прадстаўнікі маладзёжных парламентаў, працуючая моладзь - збярэцца ў Гродне для таго, каб на гэтай пляцоўцы выпрацаваць новыя формы, метады, падыходы, абмеркаваць праблемныя пытанні, якія ёсць у розных слаёў моладзі, і такім чынам зададуць тон на ўвесь 2021 год - Год народнага адзінства", - расказала Таццяна Сіманоўская.
Паводле яе слоў, на абмеркаванне будуць вынесены праект праграмы патрыятычнага выхавання, пытанні валанцёрскага руху, працаўладкавання, часовай занятасці - гэта значыць практычна ўсе аспекты, якія хвалююць моладзь. "Традыцыйна пройдзе форум моладзі, які збярэ дыялогавыя пляцоўкі. Запланавана сустрэча з кіраўнікамі дзяржорганаў. У прыватнасці, 24 лютага міністр адукацыі Ігар Карпенка сустрэнецца з дэлегатамі нашага маладзёжнага свята. А ўжо 25 лютага ва ўрачыстай абстаноўцы маладзёжнай сталіцай 2021 года стане горад Гродна. Эстафету яму перадасць Пінск", - адзначыла начальнік упраўлення.
У гэты ж дзень адбудзецца рэспубліканскі семінар "Актуальныя аспекты арганізацыі выхаваўчай работы ў сістэме адукацыі Рэспублікі Беларусь і шляхі яе ўдасканалення". "Семінар збярэ ў адным месцы прадстаўнікоў усёй краіны для таго, каб выпрацаваць у тым ліку падыходы ўжо з боку кіраўнікоў дзяржорганаў, як будаваць далейшую работу па пашырэнні магчымасцей і стварэнні ўмоў для моладзі ў вырашэнні эканамічных, грамадска-палітычных, сацыяльных пытанняў. Завершыць наша мерапрыемства традыцыйна работа інтэрнэт-пляцовак. У 2021 годзе мы плануем распрацаваць адзіную інтэрнэт-пляцоўку - фонд маладзёжных ініцыятыў, - на якую зможа выйсці любы жадаючы малады чалавек і атрымаць усёабдымную інфармацыю аб тым, што адбываецца ў краіне, якія сацыяльныя гарантыі ён мае, у якіх праектах можа ўдзельнічаць, або проста абмеркаваць актуальныя пытанні, якія цікавяць непасрэдна яго", - рэзюмавала Таццяна Сіманоўская.-0-